Курапаты - дарога сьмерці

Гэты зборнік склалі мае сябры зь іхнай ласкавай ініцыятывы й клопату. З чаго я ім вельмі ўдзячны, асабліва шаноўнай спадарыні Валянціне Трыгубовіч, спадару Вячаславу Вайткевічу, паважаным Юрасю Хадыку, Міхасю Ткачову, Валянціну Голубеву, Вінцуку Вячорку і ўсім тым, хто так ці інакш прычыніўся да гэтага выданьня. Разумею, што трэба было б напісаць новае, падрабязна і даўно. Але, на жаль, абставіны бываюць часам мацнейшыя за патрэбы. Дык няхай жа тады хоць незабытае старое нагадае яшчэ аб мінулым.

Час і падзеі бягуць цяпер так хутка і спрасавана, што няма калі азірнуцца, задумацца, як раней, над сваім жыцьцём у хвіліны мэлянхоліі й задуменьня. Карціны юнацтва й дзяцінства... Не ўспамінаю падзей. Але, як цяпер, усплываюць мне ўваччу месяц травень і Боскія дні. Што было? Не памятяю. Была цішыня. Распускалася хвоя лістоўніц перад хатай, падмецены чыста, пасыпаны жоўтым пясочкам дарожкі і граюць арганы ў касьцеле. Урачыстыя галасы. І воблакі над крыжамі...

Гэта Бацькаўшчына мая мілая. Далёкая-далёкая ў жоўтым сьвятле. Ты мроілася мне потым у Курапатах у чужой магіле - гэтыя карціны. Мо таму, што сьвежы пясочак на сьцежках. Асацыяцыі. Мо таму, што жаночыя валасы пад прастрэленымі чарапамі сьветлыя, нібы лён. Я памятяю нават іхны пах у далёкія Боскія дні пад лістоўніцай - пах півоні і смольнай кары. Чыё застрэлілі юнацтва? Адно, другое... пятае... - юнацтва маёй зямлі. Не забуду і не дарую.

Вось прастрэленая галава ў акулярах. Пільна ўглядаюся. Мой дзед Ясь таксама насіў акуляры. Можа ён? Нічога дзіўнага, што я так думаў. У Быкаўні пад Кіевам знайшлі ў магіле падпісаны муштук брата Янкі Брыля. Апазналі аднаго зь мільёнаў. Вось грабеньчык. Прамываю - і ў касым сьвятле ледзь бачныя драпінкі літар. Нехта перад сьмерцю выдрапаў на расчосцы, што цяжка яму было ў гэты дзень - расплакаўся. Уяўляю гэтага няшчаснага і думаю: scipta manent - напісанае застаецца. Праўду казалі рымляне.

Пачатак 70-х гадоў. Я жыў тады на ўскраіне Менска недалёка ад вёскі Зялёны Луг. Тады ўпершыню даведаўся пра расстрэлы на Бродзе (у Курапатах). Мясьціна ўразіла.

А на двары стаяла такое ліпкае камуністычнае задушша, што не вытрымлівалі нэрвы. Цынічна глуміліся з мовы й культуры, разбуралі старыя будынкі, цэрквы, гістарычныя вуліцы й кварталы, віжавала розная партыйная нечысьць - машэравы ды сурганавы, марцалевы ды паўлавы. Колькі зла, колькі бяды зрабілі яны Беларусі. Колькі самадурства. Тагачасны першы сакратар ЦК КПБ Машэраў пакляўся зьнішчыць старажытную вуліцу Нямігу ў Менску. Пакляўся - і зьнішчыў разам з усёй гістарычнай забудовай. Пачварныя вобразы, вартыя герояў Салтыкова-Шчадрына. Улада іх тады была бязьмежнай.

У тых умовах публічна раскрыць таямніцу Курапатаў было б злачынствам. Зьнішчылі б, як Нямігу, і абылгалі б усё. Дзякуй Богу, ніякіх ілюзіяў адносна камуністычнай нелюдзі ў мяне ніколі не было. Але ішлі гады і жыць было нязносна. Перадумана тысячу плянаў у бяссонныя ночы. Хацелася паставіць на тым месцы крыж у памяць па забітых. Мы абмяркоўвалі нават гэта са Шмыгалёвым, сябрам маім па таямніцы. Але што азначала паставіць крыж у тыя часы? Яго тут жа сьпілавалі б па загадзе райкаму. І хто б яго асьвяціў!?

Асеньнімі начамі, калі за шыбамі дождж, уяўлялася мне ў цемнаце, што вось даведаюцца ўсе людзі пра Курапаты і голасна ўсплачуць па нявінна забітых, і задумаюцца, і азірнуцца навокал. І спадуць бальшавікі і рассыплюцца, як гліна, і адродзіцца Беларусь. А на дарозе мільёны людзей падымуць на руках крыж пакуты і панясуць яго ў Курапаты, паставяць і пасьвяцяць навідавоку, сказаўшы праўду. Мне ўяўлялася працэсія з харугвамі і сьцягамі беларускімі - "А хто там ідзе ў агромністай такой грамадзе - беларусы".

29 кастрычніка 1989 году ўсё, што мроілася мне ў духаце 70-х, спраўдзілася да драбніц.

Дзясяткі тысячаў людзей пад харугвамі й беларускімі сьцягамі прайшлі праз горад, прынесьлі на руках сямімэтровы крыж пакуты, паставілі ў Курапатах і асьвяцілі з сьвятарамі.

Гэта незвычайна і ўспрымаецца як цуд. Ня ведаю толькі, ці паўтараюцца цуды. Бо цяпер уяўляюцца мне ў час маўчаньня дзе-небудзь у аўтобусе па дарозе ў Вільню ці Беласток, што Беларусь вольная, незалежная і заможная дзяржава. Паўсюдна гучаць нашы беларускія песьні і мова. Прыгожыя хораша апранутыя людзі ўсьміхаюцца і весяляцца. У нас дагледжаныя, акуратныя і багатыя гарады, роўныя, шырокія дарогі з прысадамі, чыстыя рэкі, шматлюдныя вёскі, выштукаваныя хаты. Няма п'яных, не чуваць бруднай расейскай лаянкі й хамства. Усюды пускаюць. Усё ёсьць.

Ня ведаю таксама, ці запісана гэта ўсё ўбачыць у маім лёсе. Але што яно спраўдзіцца скора - не сумняваюся.

Даўно завершаны дасьледаваньні па Курапатах, скончана і змаганьне за праўду. Ісьціна запанавала. Сабраны вялізны фактычны й псыхалягічны матэрыял. Ён так і просіцца ў кнігу. Аднак кніга не напісаная, нягледзячы на ўсе прапановы выдавецтваў і патрабаваньні сяброў. Ісьціна перамагла. І гэта галоўнае.

А кніга? Некалі напішацца й кніга, калі зьменіцца выбар. Я кажу выбар, бо такі цяпер час, калі шмат каму зь пісьменьнікаў і мастакоў, вучоных і журналістаў... шмат каму прыходзіцца рабіць выбар - альбо займацца творчасьцю, навукай, асабістым жыцьцём, альбо - палітыкай. І шмат хто выбраў палітыку, зразумеўшы, што немагчыма па справядлівасьці збудаваць асабістае, не стварыўшы агульнага - свабоды чалавека, незалежнасьці Беларусі, дэмакратыі ў грамадзтве. Часам гэта азначала прынесьці сябе ў ахвяру, свае дні і ночы, сваю працу і радасьці, падставіць голаў пад бруд дзеля будучыні і дабрыні. Якія кнігі, якія вершы, калі тлее, гарыць і дыміцца наш дом!

Некалі ў юнацтве любіў чытаць Калевалу. Так хораша на мове беларускай. Запомнілася, як мужны Вяйнямёйнэн, каб дасягнуць мэты, павінен быў узараць гадзючае поле, якое шыпела, кідалася ў вочы, кішэла ядавітымі гадамі. І толькі тады можна было ўзараць, калі ні разу не азірнуцца. І не азірнуўся Вяйнямёйнэн, ідучы за плугам. І ўзараў ён гадавае поле. Які прыгожы эпас Калевала, які цуд - фальклёр!

Канчаецца гадавае поле, застаецца з тылу бальшавіцкае шыпеньне, марксісцкае зло. Што чакае нас наперадзе? Якія выпрабаваньні? Мяркую, што выпрабаваньні цяжкія, але прыемныя. Выпрабаваньні стваральнай працы ў незалежнай Беларусі.

У Курапатах дзяржавай ня зроблена практычна нічога. Ніякага догляду. Руйнуюцца, псуюцца магілы, ні храма, ні парадку, быццам тут і ня могілкі, пра якія ведае ўвесь сьвет.

Зрэшты, у тым, што Курапаты ў такім стане, вінаватае ўсё грамадзтва. Пахадзіце па Беларусі, паглядзіце на могілкі. У большасьці развал і запусьценьне. Але настаў час зьбіраць камяні. І гэты час рэальны. У новай Беларусі ўшануем нявінназабітых, памятаючы пра справядлівасьць, бо нішто не мінае бясьсьледна.

Такая цана нашай народнай свабоды. Як хрысьціянства, заснаванае на нявінна пралітай крыві Хрыста, так і наша свабода павінна стаць вечнай. Ад нас дзеля гэтага патрабуецца так мала - толькі памятаць, верыць і любіць.

Калі мы азірнемся ў гісторыю Беларусі - гэта гісторыя пакутаў. Беларусы нясуць свой пакутны крыж ужо сотні гадоў - занядбаньне і здраду, фашызм, камунізм, генацыд, - а цяпер на плячах - палыновую зорку. Ужо сьвецяцца стронцыем нашыя душы. Жывем. Мы - некалі вялікі Боскі народ. Вялікая краіна. Мы вяртаемся да сваіх вытокаў. Не палохаймася, што нам цяжка. Не маркоцьмася з-за сваіх пакутаў. Пакутуючых і цярплівых любіць Бог. Успрымем жа з годнасьцю як народ багалюбны наш крыж. Бо мы ўваскрасаем. Ужо ўзьвіваецца над намі наш сьвяты і чысты бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта ж так проста: белае і чырвоная паласа, а ні ў кога на сьвеце, акрамя як у беларусаў, такога сьцяга няма. Толькі ці ведаем, братове, што бель з чырвонай паласой - гэта сьцяг і сымбаль Ісуса Хрыста.

Як радуе, як хвалюе мяне гэты сымбаль і сьцяг, пад якім так хораша нарадзіцца і ня страшна паміраць.

Мінуць гады, дзесяцігодзьдзі, але ў вольнай Беларусі, я ўпэўнены, заўсёды будуць памятаць Курапаты - гэты сымбаль нашага народнага мартыралёгу, гэты вобраз уваскрасеньня.

Хвойныя лясы ў Беларусі, сасновыя бары... над магіламі. Прыслухаймася. У пошуме хвой, як у хвалях марскіх, пад бяздонным сінім небам, чуваць голас вечнасьці.

Зянон Пазьняк

24 верасьня 1991 г.