Першыя бітвы

Першыя бітвы

Адна з такіх бітваў адбылася 7 траўня 1794 года пад вёскай Паляны, у Ашмянскім павеце. Я. Ясінскі хацеў скарыстацца з ініцыятывы, якая на той час поўнасцю была ў руках паўстанцаў, і разбіць амаль трохтысячны аддзел палкоўніка Дзеева, які пагражаў Вільні. У паўстанцаў было каля дзвюх тысяч рэгулярнага войска. Акрамя гэтага, іх сілы папоўніла амаль тысяча мясцовых сялян-касінераў. Зацятая бітва з удзелам артылерыі пачалася а 11 гадзіне раніцы і доўжылася да самага вечара. Акупанты не чакалі такога моцнага адпору. Урэшце абодва бакі, знясіленыя шматгадзінным боем, вымушаныя былі разысціся. Пры гэтым адыход расейцаў да Смаргоні меў выразнае падабенства да выратавальнага адступлення. Да гэтага прымушалі і немалыя страты — 173 чалавекі забітымі і 322 параненымі. У сваім рапарце пра бой пад Палянамі палкоўнік Дзееў напісаў, што «воины (расейкія) были так раздражены, что не давали пардону (г. зн. дабівалі параненых), но они (паўстанцы) так были отчаянны, что и раненные оборонялись». Акрамя таго, каб апраўдаць свой «канфуз» пад Палянамі, Дзееў «павялічыў» сілы Ясінскага ажно да 11 тысяч чалавек. Сярод іх вылучыў упартасцю ў змаганні асобную групу «канфедэратаў-шляхцічаў, віленскіх стральцоў і мужыкоў, узброеных стрэльбамі, сякерамі, пікамі і косамі».

Пасля бітвы пад Палянамі расейцы нават і думаць не маглі пра які-кольвечы наступ. Галоўнае для іх было стрымаць націск паўстанцаў. Поспех Якуба Ясінскага пад Палянамі прымусіў паспешліва адысці з-пад Горадні на прыкрыццё мяжы пад Нясвіж і трохтысячны корпус генерала Цыцыянава.

Другая буйная бітва беларускіх паўстанцаў пад камандаваннем Я. Ясінскага з расейцамі адбылася 26 чэрвеня пад вёскай Солы, каля Смаргоні. Але гэта быў ужо іншы час, менш спрыяльны для паўстання. Ініцыятыва з розных прычынаў пачала пераходзіць да акупантаў. Не апошнюю ролю ў гэтым адыграла адстаўка Ясінскага з пасады начальніка ўсяго паўстанцкага войска Вялікага Княства. (Ад 4 чэрвеня 1794 года камандзірам паўстанцкіх сілаў у Вялікім Княстве Літоўскім быў прызначаны генерал-лейтэнант Міхал Вяльгорскі, які бяздзейнасцю поўнасцю пацвердзіў сваю няздатнасць да гэтай пасады.)

Пад Соламі сустрэліся буйны пяцітысячны расейскі корпус з 16 гарматамі і аддзелы Ясінскага колькасцю да 3 тысяч чалавек. Ізноў, як і пад Палянамі, у Ясінскага было блізу адной тысячы касінераў. Бітва пачалася ўранку і цягнулася болей за пяць гадзін. Вырашыла справу перавага расейцаў у артылерыі. Паўстанцы, якія мужна стрымлівалі атакі ворага, пад канец бою трапілі пад навальны гарматны агонь і сталі адступаць. У гэтай бітве загінула каля трохсот паўстанцаў (у тым ліку брат Я. Ясінскага — Язэп), бальшыня з іх — неспрактыкаваныя сяляне-касінеры.

Адметнай рысай вызвольнага паўстання 1794 года ў Беларусі было ўжыванне партызанскіх, дыверсійных формаў змагання. Паўстанцы імкнуліся перанесці яго ў т. зв. «расейскі кардон», г. зн. на анексаваную раней тэрыторыю Беларусі. Першага чэрвеня Я. Ясінскі выдаў свой знакаміты ўніверсал да павятовых генерал-маёраў (якія выбіраліся з мясцовай шляхты ў паветах для арганізацыі і кіраўніцтва паспалітым рушаннем і зацвярджаліся Найвышэйшай Радай Вялікага Княства, а потым Т. Касцюшкам) аб тэрміновай арганізацыі спецыяльных конных дыверсійных 300-асабовых аддзелаў. Увайшоўшы ў «расейскі кардон», яны павінны былі адцягваць на сябе сілы акупантаў і, сеючы паніку ў тыле ворага, адначасова ўздымаць на паўстанне мясцовую шляхту і сялянства. Гэтую ініцыятыву заўважыў і ўхваліў Касцюшка. Ён адзначыў, што «ў Літве генерал Ясінскі (загадам Касцюшкі 11 траўня Ясінскаму было нададзенае званне генерал-лейтэнанта) апярэдзіў маю думку, калі выдаў да сваіх суайчыннікаў праўдзівыя звароты ў тым духу і з тымі прадпісаннямі, якіх вымагае парадак рэчаў і якія на ўвесь край павінны быць распаўсюджаныя»{10}.

Апрача гэтага ўніверсала Ясінскім была складзеная асобная «Інструкцыя для ўваходных у кардон расейскі». Яна рэгламентавала парадак дзеянняў і паводзін паўстанцаў на акупаванай тэрыторыі. У інструкцыі гаварылася, што, заахвочваючы паўсюдна «шляхту і люд да паўстання…, трэба з сялянствам як найлепей, па-людску, абыходзіцца». Партызанскія дыверсійныя дзеянні павінны былі весціся ажно да таго часу, пакуль «хоць яшчэ адзін узброены расейскі салдат застанецца»{11}. У стратэгічным жа плане дыверсійныя акцыі павінны былі прывесці да расшчаплення і аслаблення варожага войска, што дазволіла б больш упэўнена дзейнічаць асноўным сілам паўстанцаў.

Ці не першым скарыстаўся з такой магчымасці сябар Найвышэйшай Рады Вялікага Княства Міхал Клеафас Агінскі. Ён звярнуўся да Ясінскага і атрымаў дазвол на правядзенне разведвальна-дыверсійнага рэйду ў кірунку Менска. 12 чэрвеня, скрытна выйшаўшы з-пад Вільні на чале 500-асабовага аддзела (200 чалавек кавалерыі пад камандаваннем маёра Корсака і 300 стральцоў, узброеных і забяспечаных уласным коштам самога Агінскага), ён накіраваўся пад Валожын. Разбіў там невялікі расейскі гарнізон, захапіўшы пры гэтым значныя запасы вайсковай амуніцыі і харчавання, і рушыў на Івянец. Там Агінскі абвясціў свой зварот да жыхароў Менскага ваяводства. У ім, спасылаючыся на тое, што пасланы ён ад «мужнага генерал-лейтэнанта Ясінскага», заклікаў далучацца да паўстанцаў, каб «вярнуць Айчыне свабоду». З Менска насустрач Агінскаму на загад губернатара Няплюева былі пасланыя значныя сілы. 16 чэрвеня пад Вішневам расейскія войскі сустрэлі і разбілі паўстанцаў. Толькі рэшткі аддзела, 150 чалавек кавалерыі і частка стральцоў, змаглі разам з Агінскім прабрацца пад Крэва да Ясінскага. Неўзабаве пасля гэтага М. Агінскі на загад М. Вяльгорскага быў накіраваны з рапартам аб падзеях ў Беларусі да Касцюшкі. Той, нягледзячы на сумны фінал выправы аддзела Агінскага, усё ж адзначыў яе вартасць і карысць: вораг занепакоены, трэба імкнуцца, каб і надалей ён адцягваў значныя сілы для забяспечання сваіх тылоў.

Прыкладна гэтым жа часам у Паставы з Вільні з конным аддзелам на 60 чалавек быў накіраваны падпалкоўнік Тадэвуш Гарадзенскі. Згодна з інструкцыяй Ясінскага, ён абвясціў Віленскі ўніверсал аб паўстанні, канфіскаваў мясцовую канцылярыю і грашовую касу. Рука Ясінскага адчувалася і ў далейшых дзеяннях Гарадзенскага. У першы ж дзень знаходжання ў мястэчку ён загадаў паставіць дзве шыбеніцы для здраднікаў. Ніхто павешаны не быў, але з Паставаў атрад Гарадзенскага выйшаў папоўнены 200 чалавекамі «шляхты і ўзброеных сялянаў»{12}.

Выконваючы загад Найвышэйшай Рады Вялікага Княства, актыўна дзейнічалі па далучэнні да паўстання шляхты і сялянства Завілейскага павета браты Ксавер і Ян Зяньковічы. У мястэчку Свір з іх удзелам быў скліканы соймік, абраны павятовы генерал-маёр (ім стаў К. Зяньковіч), накіраваны дэлегат ад павета ў Раду. На пачатку чэрвеня аддзел на чале з Я. Зяньковічам напаў на мястэчка Ваўкалаты ў Менскай губерні і разбіў там расейскую каманду.