Бязладдзе дзяржаўных органаў улады
Бязладдзе дзяржаўных органаў улады
У Рэчы Паспалітай кароль быў без улады, Сойм без сілы, а іншых сталых органаў улады і кіравання для ўсёй канфедэрацыі не было. У другой палове XVІІІ стагоддзя яна перажывала крызіс грамадскага і палітычнага ладу. Нарастала незадаволенасць сялян сваім становішчам. Да сялянскіх паўстанняў і бунтаў дадавалася жорсткая барацьба розных групаў унутры панавальнага стану — шляхты, а таксама барацьба за свае правы праваслаўнага насельніцтва. Рэлігійнае пытанне ўвесь час імкнулася выкарыстаць Расейская імперыя для апраўдання ўмяшання ў нутраныя справы суседзяў.
У гады юнацтва Тадэвуша Касцюшкі, г. зн. у сярэдзіне 60-х гадоў XVІІІ стагоддзя, была арганізаваная спроба дзяржаўных рэформаў у Рэчы Паспалітай. Прагрэсіўныя дзеячы імкнуліся прыстасаваць стары феадальны дзяржаўны апарат да новых эканамічных умоваў. У 1764 годзе яны паспрабавалі наладзіць работу Сойму і абмежаваць выкарыстанне дэпутатамі права «лібэрум вета». У 1767 годзе праваслаўная шляхта абвясціла хаўрус (гэтак званую канфедэрацыю) у Слуцку, а пратэстанцкая — у Торуні з патрабаваннем ураўноўвання ў правах праваслаўных і пратэстантаў з каталікамі. На патрабаванне расейскага пасла Рапніна ў лютым 1768 года ў Варшаве была падпісаная дамова з Расеяй, згодна з якой фармальна абвяшчалася роўнасць у правах праваслаўных з каталікамі.
У гэтым жа часе былі падрыхтаваныя гэтак званыя Кардынальныя правы Рэчы Паспалітай, якія абвяшчаліся непарушнымі пад гарантыяй Расеі. У іх замацоўваліся непахіснасць «лібэрум вета», шляхоцкія прывілеі і недапушчальнасць рэформаў дзяржаўнага ладу. Яшчэ ў сакавіку 1764 года Расея і Прусія дасягнулі дамоўленасці, каб не дапускаць сілаю зброі якіх-небудзь рэформаў дзяржаўнага ладу ў Рэчы Паспалітай. Гэтае пагадненне сталася перадумовай будучага падзелу. Кардынальнымі правамі амаль поўнасцю былі ліквідаваныя рэформы, праведзеныя ў 1764 годзе. Галоўным новаўвядзеннем у Кардынальных правах быў пункт XX, паводле якога ў Польшчы ўводзіўся ў дзеянне артыкул першы раздзела ХІІ Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, дзе прадугледжвалася крымінальная адказнасць, аж да пакарання смерцю, шляхціча за забойства простага чалавека.
Супраць Варшаўскага пагаднення 1768 года аб ураўноўванні ў правах праваслаўных з каталікамі ў г. Бары (Заходняя Ўкраіна) была ўтвораная канфедэрацыя, якая заклікала да барацьбы за аднаўленне перавагаў каталіцкай рэлігіі, супраць умяшання замежных дзяржаваў, за захаванне ўсіх правоў і прывілеяў шляхты. Барская канфедэрацыя карысталася падтрымкай Францыі, якая падбухторыла Турэччыну на вайну з Расеяй. Прусія і Аўстрыя, скарыстаўшы тое, што Расея занятая вайной з Турэччынай, у 1770 годзе акупавалі частку польскіх земляў і прапанавалі Расеі ўзяць удзел у падзеле Рэчы Паспалітай. 5 жніўня 1772 года ў Пецярбурзе была падпісаная канвенцыя аб першым падзеле Рэчы Паспалітай. Да Аўстрыі, паводле канвенцыі, далучалася паўднёвая Польшча і частка Заходняй Украіны з гарадамі Перамышлем, Альбовам (старадаўні беларускі назоў места Львова), Галічам, да Прусіі — паўночна-заходняя частка Польшчы з гарадамі Быдгашч, Хелмно, да Расеі — Латгалія і ўсходняя частка Беларусі з гарадамі Полацкам, Віцебскам, Воршай, Магілевам, Рагачовам, Гомелем. (Толькі невялікая частка паслоў з Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку наваградскія, менскія і ваўкавыскія на чале з легендарным Тадэвушам Рэйтанам, спрабавалі ў Варшаве на «падзельным» сойме 1773 года сарваць зацверджанне падзелу. Але сіла была не на баку патрыётаў з Вялікага Княства. Адзін з іх, Самуль Корсак, браў потым чынны ўдзел у паўстанні 1794 года і загінуў пры абароне Варшавы.)
Першы падзел выявіў бязладдзе ў Рэчы Паспалітай і паказаў на неабходнасць рэформаў дзяржаўнага ладу. У 1775 годзе была зробленая спроба стварыць у гаспадарстве калегіяльны выканаўча-распарадчы орган, які б выконваў функцыі ўрада па найбольш важных пытаннях дзяржаўнага кіравання. З гэтаю мэтай была створаная Неадменная рада з 36 чалавек — 18 прадстаўнікоў Сената і 18 дэпутатаў ад шляхты. Аднак яе дзейнасць знаходзілася пад уплывам невялікай групы магнатаў і расейскага пасла, у сувязі з чым гэтая рада, называная ў прагрэсіўных колах «радаю здрады», была не здольная кіраваць дзяржаўнымі справамі. Яе зліквідавалі ў 1789 годзе. Гэтыя падзеі паўплывалі на фармаванне дэмакратычнага светапогляду Т. Касцюшкі.